This page is only available in Belarusian.

Даведнік па асэксуальнасці

Уводзіны

Асэксуальнасць – гэта частка ЛГБТКІА+, на якую, аднак, часта забываюцца не толькі цысгетэра людзі, але і ўласна ЛГБТКІА+ супольнасць. Асэксуальная супольнасць часта застаецца нябачнай і маргіналізаванай. Не зацікаўленыя ці мала зацікаўленыя ў сэксе асобы сутыкаюцца з шэрагам досыць унікальных праблем, жывячы ў гіперсэксуалізаваным грамадстве. Сярод іншага, уласна тэма асэксуальнасці мала асвятляецца, і існуе асабліва вялікая праблема ў тым, каб знайсці інфармацыю пра асэксуальнасць па-беларуску. Гэты даведнік створаны менавіта для таго, каб у зацікаўленых асоб была крыніца, дзе яны могуць даведацца аб асноўных паняццах пра асэксуальнасць на беларускай мове.

Варта заўважыць, што арамантызм часта, але далёка не заўсёды, перакрыжоўваецца з асэксуальнасцю. У дадзеным даведніку мы сфакусаваліся на асэксуальнасці, аднак хочам адзначыць, што арамантызм – важная і валідная ідэнтычнасць, таму ўключылі яго ў спіс паняццяў.

Разам з даведнікам мы таксама падрыхтавалі анлайн-тэст, які вы можаце прайсці. Як любы анлайн-тэст, ён не гарантуе дакладнасць атрыманага выніку, але мы спадзяёмся, што ён зможа падштурхнуць вас у слушным накірунку на шляху даследвання вашай асэксуальнасці.

Тэрміны і азначэнні

Асэксуальнасць

Адсутнасць альбо лімітаванасць (часам залежная ад пэўных умоў) сэксуальнай цягі да іншых. Асоба, якая не адчувае сэксуальнай цягі, можа выкарыстоўваць тэрмін асэксуал_ка ці эйс (eng: ace). Асэксуальнасць можа разглядацца як сэксуальнай арыентацыяй, так і ейнай адсутнасцю. Пры гэтым некаторыя асобы на асэксуальным спектры могуць таксама самавызначацца адначасова і як гетэрасэксуальныя, гомасэксуальныя, бісэксуальныя, пансэксуальныя і г.д. Таксама асэксуальнасць можа разглядацца больш шырока, уключаючы спектр асэксуальных субідэнтычнасцяў.

Асэксуальнасць адрозніваецца ад свядомага ўстрымання ад сэксу з асабістых, сацыяльных ці рэлігійных прычынаў. Некаторыя асэксуальныя асобы ўступаюць у сэксуальныя зносіны, нягледзячы на адсутнасць сэксуальнай цягі або жадання сэксу, па шэрагу прычын, такіх як, напрыклад, жаданне фізічна задаволіць сябе або рамантычных партнёра_к ці жаданне займець дзяцей.

Аласэксуальнасць

Тэрмін, які апісвае здольнасць адчуваць тыповыя ўзоры сэксуальнай цягі, у адрозненні ад людзей на асэксуальным спектры. Для асобы, якая адчувае сэксуальную цягу, гэтая ідэнтычнасць вызначаецца як аласэксуал_ка, часам скарачаецца да «ала» (eng: allo).

Гэты тэрмін з'яўляецца агульным і ўключае ў сябе ўсе больш падрабязныя азначэнні сэксуальнай цягі, такія, як гетерасэксуальнасць, гомасэксуальнасць, бісэксуальнасць і пансэксуальнасць і іншыя.

Асэксуальны спектр

Абагульняльны тэрмін, які апісвае дыяпазон інтэнсіўнасці сэксуальнасці (ад асэксуальнай да аласэксуальнай). Гэты тэрмін можа выкарыстоўвацца для вызначэння шэрага ідэнтычнасцяў, якія знаходзяцца найбольш блізка да асэксуальнасці, то-бок настолькі нізкіх узроўняў сэксуальнай цягі, дзе людзі самаідэнтыфікуюцца з асэксуальнасцю больш, чым з аласэксуальнасцю.

Арамантызм

Рамантычная арыентацыя, якая характарызуецца адсутнасцю або лімітаваным адчуваннем рамантычнай цягі. Тэрмін «араманты_к», у размоўнай форме скарочаны да «аро» (eng: aro), выкарыстоўваецца ў датычэнні да асобы, чыя рамантычная арыентацыя – арамантызм. Нягледзячы на тое, што ён часта перакрыжоўваецца (а таксама блытаецца) з асэксуальнасцю, гэта асобныя паняцці, якія датычацца розных сфер. Некаторыя людзі могуць мець розныя сэксуальныя і рамантычныя арыентацыі (напрыклад, бірамантычны асэксуал або арамантычная гетэрасэксуалка).

Апафісэксуальнасць

Тэрмін, які паходзіць ад грэцкага кораня «apothisan» — «адштурхоўваць» і выкарыстоўвацца ў датычэнні да спалучэння адсутнасці сэксуальнай цягі з адчуваннем, што сэкс і/ці сэксуальная актыўнасць з'яўляюцца агіднымі або непрыемнымі. Асобы, якія ўжываюць гэты тэрмін у дачыненні да сябе, у рознай ступені адчуваюць дыскамфорт ад сэксу ў медыя і могуць спрабаваць цалкам пазбягаць такіх сцэн. Гэтае азначэнне не распаўсюджваецца на ўсіх людзей на асэксуальным спектры і адрозніваецца ад «сэкс-негатывізму» (успрыманне сэксу амаральным).

Дэмісэксуальнасць

Сэксуальная арыентацыя, якая часцей за ўсё вызначаецца як адчуванне сэксуальнай цягі да кагосьці толькі пасля ўсталявання эмацыйнай сувязі. Прырода гэтай эмацыйнай сувязі адрозніваецца ў розных людзей, але яна можа ўключаць як сяброўства, так і рамантычныя адносіны.

Іншае вызначэнне: датычыцца людзей, якія не адчуваюць першасную сэксуальную цягу (якая вызначаецца як заснаваная на першай візуальнай, ферамонавай ці іншай інфармацыі пра асобу, даступнай адразу пры сустрэчы), але адчуваюць другасную сэксуальную цягу (якая развіваецца з цягам часу на падставе адносін і сувязі з іншай асобай). Колькі інфармацыі пра іншую асобу дэмісэксуал_кам патрэбна мець і як доўга ім трэба яе ведаць, перш чым у іх можа развіцца другасная сэксуальная цяга, — рэч індывідуальная. Гэта адрозніваецца ад свядомага выбару ўстрымлівацца ад сэксу да выканання пэўных крытэрыяў.

Дэмісэксуальныя людзі могуць быць гетэра ці гомасэксуальнымі, бісэксуальнымі або мець любую іншую арыентацыю, якая апісвае гендар людзей, да якіх яны адчуваюць патэнцыйную цягу. Некаторыя дадаюць «дэмі-» як прэфікс да іншай назвы сэксуальнай арыентацыі, напрыклад, «дэмі-бісексуал». Дэмісэксуальнасць з'яўляецца часткай асэксуальнага спектра, але самі дэмісэксуал_кі могуць самавызначацца як асэксуал_кі, а могуць і не.

Квірплатанічныя адносіны

Глыбокія, адданыя адносіны, якія пры гэтым не рамантычныя і не сэксуальныя, а заснаваныя на эмацыйнай сувязі, якая адрозніваецца ад блізкага сяброўства тым, што маюць такую ж вызначаную адданасць, статус і структуру, як і традыцыйныя рамантычныя адносіны, аднак адрозніваецца ад іх тым, што не ўключае пачуццяў рамантычнага кахання. Гэтая канцэпцыя паходзіць з арамантычных і асэксуальных прастораў у ЛГБТКІА+ супольнасці.

Хоць гэтая структура адносін не залежыць ад рамантычнай або сэксуальнай цягі, квірплатанічныя партнёр_кі могуць таксама ўдзельнічаць у паводзінах, якія звычайна былі б характэрнымі для рамантычных партнёра_к.

Цісгендарныя людзі ў такіх адносінах могуць аддаваць перавагу такім тэрмінам, як «квазіплатанічныя», а не «квірплатанічныя», праз тое, што слова «квір» асацыюецца з ідэнтычнасцямі ЛГБТКІА+ супольнасці. Людзі таксама могуць аддаваць перавагу тэрміну «квазіплатанічныя», калі іх квірплатанічныя адносіны ўключаюць сэксуальныя элементы, праз тое, што «квірплатанічнае» часта асацыюецца з поўнай адсутнасцю сэксуальнай блізкасці.

Літасэксуальнасць

Тэрмін паходзіць ад грэцкага кораня «lithos-» — «камень» і апісвае адчуванне сэксуальнай цягі без неабходнасці ў яе ўзаемнасці, або спыненне адчування сэксуальнай цягі, калі яна становіцца ўзаемнай. Літасэксуальныя асобы могуць атрымліваць асалоду ад сэксуальных адносін у тэорыі, але могуць перастаць адчуваць сэксуальную цягу або задавальненне ў адносінах.

Рэсіпрасэксуальнасць

Процілеглы тэрмін да літасэксуальнасці. Апісвае досвед, калі сэксуальная цяга адчуваецца асобай толькі пасля дакладнага пацверджання ўзаемнасці. Рэсіпрасэксуальныя людзі могуць таксама быць гетэра ці гомасэксуальнымі, бісэксуальнымі або мець любую іншую арыентацыю, якая апісвае гендар людзей, да якіх яны адчуваюць патэнцыйную цягу.

Фрэйсэксуальнасць

Тэрмін апісвае адчуванне сэксуальнай цягі выключна да тых, каго асоба не вельмі добра ведае. У фрэйсэксуала_к спачатку можа ўзнікнуць цяга да іншай асобы, аднак з часам гэтая сэксуальная цяга згасае, асабліва, калі фарміруецца эмацыйная сувязь. Па сутнасці, гэта процілеглае да дэмісэксуальнасці паняцце.

Шэрая асэксуальнасць

Тэрмін апісвае “прастору” паміж асэксуальнасцю і сэксуальнасцю. Асоба, якая самаідэнтыфікуецца як шэра-асэксуальная, можа адчуваць сэксуальную цягу вельмі рэдка, толькі ў пэўных абставінах, або з такой нізкай інтэнсіўнасцю, што на яе можна не зважаць, і яна не з'яўляецца неабходнасцю ў адносінах.