Интервью
«Пра асэксуальнасць — па-беларуску»: гутарка з Вольгай, выпускніцай Школы квір-актывізму
Интервью
28.02.2026

У кастрычніку 2025 года TG House запусціў Queer Re-Start — школу квір-актывізму. Яе галоўная задача — дапамагчы актывіст_кам з Беларусі пачаць або працягнуць сваю дзейнасць.

Адной тэорыяй заняткі не абмежаваліся: пасля лекцый выпускні_цы пры падтрымцы ментар_ак рэалізавалі свае праекты, ператварыўшы смелыя ідэі ў канкрэтныя крокі.

У гутарцы з намі выпускніца Школы Вольга распавядае, як ператварыць інтуітыўную дапамогу супольнасці ў асэнсаваную працу, чаму так важна ствараць асветніцкія рэсурсы на беларускай мове і як ментары дапамаглі «намаляваць карту будучыні» для яе праекта.

— Вольга, раскажы крыху пра сябе і свой шлях: ці быў у цябе досвед удзелу ў актывізме да Школы?

— Раней я крыху інакш гэта ўсё ўспрымала. У мяне была ўласная ініцыятыва, у межах якой я проста займалася рэчамі, што мяне цікавілі. І толькі не так даўно ўсвядоміла: дык гэта ж і ёсць актывізм! Каля года таму я прыйшла ў квір-фем-актывізм ужо цалкам асэнсавана, пачала наведваць праграмы і вучыцца таму, як ператвараць свае ідэі ў праекты, якія прыносяць карысць людзям. Школа «Queer Re-Start» стала не першай маёй прыступкай, але важным этапам за гэты насычаны год.

— Як ты даведалася пра Школу і чаму вырашыла падаць заяўку?

— На момант анонсу Школы я ўжо была знаёмая з дзейнасцю TG House, таму была ў курсе падзей. Вырашыла далучыцца, бо праграма падалася мне цікавай. Я адчувала, што змагу вынесці адтуль нешта каштоўнае для свайго развіцця.

— Як праходзіў працэс навучання? Што ў фармаце Школы стала для цябе падтрымкай, а што — выклікам?

— Для тых, хто толькі спрабуе сябе ў прафесійным актывізме, гэтая Школа — выдатны старт. Многія ж займаюцца грамадскімі справамі, але не ведаюць, як зрабіць сваю працу больш бачнай і маштабнай. Школа дала адказы на самыя прыкладныя пытанні: дзе браць рэсурсы на свае ідэі і як зрабіць так, каб пра тваю працу даведаліся.

Мы атрымалі цэлы набор інструментаў: ад асноў адвокацыі і фандрайзінгу да працы з ІІ, влогамі і сторытэлінгам. І, што самае важнае, усё гэта склалася ў адзіную «дарожную карту» — выразнае разуменне таго, як і куды рухацца ў рэалізацыі свайго праекта.

— Ці былі моманты, якія падаліся складанымі?

— На курсе сабраліся людзі з розным бэкграўндам: і пачаткоў_цы, і больш дасведчаныя ўдзельні_цы. Часам практычныя заданні былі занадта складанымі для агульнага ўзроўню, і мне здаецца, у будучыні было б крута падзяляць праграму паводле ўзроўняў падрыхтоўкі. Але, канешне, стварыць універсальны фармат для ўсіх — гэта заўсёды вялікі выклік.

— Пасля навучання ты рэалізавала ўласны міні-праект. Раскажы, як ён нарадзіўся?

— Мы рабілі яго разам з сяброўкай, якая таксама вучылася ў Школе. У межах нашага праекта мы стварылі «Даведнік па сэксуальнасці» на беларускай мове, а таксама спецыяльны тэст на асэксуальнасць, які таксама можна прайсці па-беларуску.

Справа ў тым, што нават па-руску карыснай інфармацыі ў гэтай сферы не так шмат, як па-англійску, а на роднай мове яе практычна няма. Можна было, вядома, проста правесці серыю вебінараў на тэму сэксуальнасці, але я хацела стварыць нешта доўгатэрміновае — зрабіць карысны інструмент, якім людзі змогуць карыстацца і праз час.

— Ці ўсё прайшло гладка ў рэалізацыі праекта?

— Жыццё ўносіць свае карэктывы. Я павінна была правесці вебінар у межах праекта, але адчула сябе дрэнна і давялося яго перанесці. Але мы абавязкова яго правядзём! Мы прэзентуем наш даведнік і тэст і размесцім іх на сайце TG House, каб усе маглі свабодна карыстацца.

— Ты таксама ўдзельнічала ў стратэгічнай сесіі. Ці дапамагло гэта адчуць больш упэўненасці?

— Стратсэсія была неверагодна карыснай. Розныя ЛГБТК+ арганізацыі прэзентавалі сваю падтрымку, і гэта было вельмі крута — такую інфармацыю вельмі складана знайсці проста ў інтэрнэце. Нас літаральна за руку пазнаёмілі з прадстаўні_цамі міжнародных квір-арганізацый. Гэта дае тую самую апору, якой часта не хапае на пачатку шляху.

— Як ты бачыш свой далейшы ўдзел у жыцці супольнасці?

— Квір- і фем-актывізм застаюцца маімі безумоўнымі прыярытэтамі. Раней мне хацелася рэалізоўваць толькі ўласныя ідэі, але цяпер прыярытэты крыху зрушыліся. Мне хочацца папрацаваць у камандзе, адчуць сябе часткай чагосьці агульнага. У любым выпадку, я буду працягваць гэты шлях.

Імя гераіні зменена з меркаванняў бяспекі.